Сёння дастаткова граматычна правільна назваць тую ці іншую прафесію ў жаночым родзе, каб у адказ пачуць раздражненне ці нават жарты. Пры гэтым гаворка ідзе пра звычайную частку граматыкі – гэта словы, якія дапамагаюць назваць жанчыну паводле яе працы і заняткаў. Але ці гэта праз тое, што мова раптам прапанавала нам нешта сапраўды экзатычнае? Ці фемінітывы прадыктаваныя тэмай роўнасці сёння? Бо іх менавіта так перш за ўсё і ўяўляюць – як словы, якіх «не было ніколі» і якія з’явіліся толькі зараз, праз позву дня.
Уладзіслаў Гарбацкі, які шмат гадоў даследуе фемінізацыю беларускай мовы, бачыць у гэтых бурлівых дэбатах паўторныя хвалі. Тэма вяртаецца і зноў выклікае дыскусіі. У гэтым эпізодзе мы звернемся да вытокаў, каб зразумець з гісторыі, як адбывалася маргіналізацыя беларускай мовы і што можна сказаць пра фемінітывы ў сэнсе гістарычнага ўзнікнення. Калі яны з’явіліся і чаму сёння столькі спрэчак наконт іх неабходнасці ці існавання наогул? І нарэшце, ці сапраўды Францішак Скарына быў першым феміністам у Беларусі?
Каб зразумець, пра што ідзе гаворка, трэба дамовіцца пра паняткі. Фемінітыў у кантэксце нашай размовы – гэта, па-першае, назоўнік жаночага роду (часам яшчэ і прыметнік, але калі казаць пра фемінізацыю беларускай мовы, то мы будзем размаўляць больш пра назоўнікі). І па-другое – праз тое, што гаворка пойдзе пра назвы прафесій ці роду дзейнасці жанчын, то трэба дадаць: па-навуковаму фемінітыў тут выступае яшчэ і ў якасці агентыву. Бо менавіта агентыў і называе дзейную асобу паводле ролі чалавека ў грамадстве, яго прафесію, сацыяльную ролю ці нават дзейнасць у пэўны момант часу. Такія словы працуюць у тых месцах, дзе мова павінна дакладна паведаміць, хто робіць справу, хто прымае рашэнні, хто выступае як спецыялістка.
Па сваёй сутнасці мова заўсёды імкнецца да дакладнасці. Носьбіткі і носьбіты мовы заўсёды стваралі новыя словы – каб не блытацца і разумець адно аднаго, пра што ідзе гаворка. І гэта лічыцца натуральным патрабаваннем логікі.
Таму ў гісторыі нашай мовы раней ніхто не бачыў праблемы ў тым, каб назваць жанчыну згодна з яе дзейнасцю. І нават сама сістэма мовы падказвала людзям найбольш зручныя спосабы ўтварэння такіх словаў праз выкарыстанне розных суфіксаў. Напрыклад, мадэлі з «–іца», «–ка» напрыканцы словаў існавалі стагоддзямі і выкарыстоўваліся ў самых розных кантэкстах: ад высокай літаратуры да жывой народнай гаворкі.
На жаль, у штодзённым кантэксце дакладнасць выглядае зусім іншым чынам. Напрыклад, калі ў беларускамоўным паведамленні (у 2015 годзе) пазначана, што «Прэзідэнт Эстоніі заручыўся з кіраўніком кібербяспекі Латвіі», мы, як і наш суразмоўца падкасту, можам зрабіць выснаўкі, што гэта навіна таксама і пра гей-шлюб. Бо род пакідаецца мужчынскім і ў чытача будуецца ўяўленне паводле звыклай матрыцы. Атрымліваецца, нібыта гаворка ідзе пра двух мужчынаў. Але, калі паглыбіцца і пачаць шукаць, ці гэта было насамрэч, высветліцца, што гэта памылка. І здарылася яна менавіта праз ігнараванне жаночага роду: трэба было б напісаць «кіраўніца» і гэта б усё вырашала.
Тым болей, што беларуская мова ўжо мае прылады, якія дапамагаюць ёй заставацца дакладнай і самастойнай. Фемінітывы ў гэтым шэрагу займаюць прыкметнае месца, бо яны адначасова працуюць у граматыцы і ў культурнай памяці. Калі ў публічным тэксце жанчына апісваецца мужчынскай назвай пасады, мова губляе частку ўласнай сістэмнасці і робіцца больш падобнай да расейскай нормы, якая доўгі час дамінавала вакол.
Тэкставая версія на нашым сайце: https://belarus.fm/dragons-motherland/tale-04/
Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm
❤️Падтрымайце Belarus FM: https://buymeacoffee.com/belarus
Плейлист
Краіна Цмокаў
Сёння дастаткова граматычна правільна назваць тую ці іншую прафесію ў жаночым родзе, каб у адказ пачуць раздражненне ці нават жарты. Пры гэтым гаворка ідзе пра звычайную частку граматыкі – гэта словы,...
Акрамя казак і паданняў, мітаў і нашай гісторыі, пра якія мы ўжо размаўлялі ў папярэдніх эпізодах, вялікай часткай беларускай спадчыны з’яўляецца нашая мова. Але ці заўсёды яна была такой, якой мы вед...
Беларусь перажыла не самыя казачныя часы. Хаця ў нас захаваліся міты і легенды, якія перадавалі з вуснаў у вусны нашыя продкі, – гэта нашая скарбніца. Але для таго, каб яна захавалася нават у такім вы...
Ці захаваліся да нашых часоў нейкія звесткі пра ведзьмаў ці русалак? І як гэта датычыцца выхавання дзетак? Ці існавала паняцце паўналецця ў той час? Цяпер напрыклад сэкс да 16 гадоў лічыцца злачынства...